25.05.2014

Смак банана


У апошні час, калі я ем бананы, прыходзіць на памяць іх смак з дзяцінства. І ў 80-я пры савецкай уладзе, і ў пачатку 90-х, калі эканоміка Рэспублікі Беларусь была ў поўным заняпадзе, бананы былі далікатэсам.
Памятаю як мая аднакласніца, Света Курловіч ела банан на перапынку між урокамі і з'ядала нават ніткі паміж мякаццю і скуркай. Голаду не было, але бананы, ананасы, ківі, авакада былі чымсьці эксклюзіўным, для багацеяў як асетровая ікра.
Цяпер купляю бананы паштучна, толькі калі згаладнею, як перакус, а для маіх дзяцей гэта, што яблыкі ці грушы: бо ядзім іх амаль кожны дзень.
У 90-я гг. 5 долараў былі вялікімі грошамі, цяпер магу зарабіць іх за 30-60 хвілін, і многія мае суайчыннікі гавораць пра прадметы, што каштуюць тысячы долараў: рамонт кватэры, аўтамабіль, участак пад дачу.
Мае грошы даюцца мне цяжкай працай, але я магу дазволіць сабе тое, што не маглі дазволіць мае бацькі ў гады майго дзяцінства (i справа не толькі ў тэхнічным прагрэсе).
Ніяк не зразумею, ці стала мне жыць лепей у матэрыяльным плане ці не?
Гл. таксама:
Чарга, як за айфонам

19.05.2014

Ігар Карпенка. Выкладчык. Акцёр. Чыноўнік

Упершыню я пачуў пра Ігара Карпенку як пра наммэра сталіцы 7 лістапада 2012 г. І адразу падумаў: "А ці не ён мой былы выкладчык?". У той дзень ён даваў інтэрв'ю праграме "Актуальнае інтэрв'ю". Мне было цікава пагладзець на яго і пазнаць ці той гэта чалавек, ці не. Але ў гэты дзень я ляжаў з грыпам у пакоі майго дзеда (чаму і пачуў анонс праграмы). Мае вочы балелі, як і ўсё цела і я толькі раз зірнуў на Карпенку падчас яго выступлення. "Здаецца, непадобны," -- падумаў я тады.
Пазней я сустракаў яго фотаздымкі ў Сеціве і газетах і на адной усё ж пазнаў у ім свайго былога выкладчыка. Тады я праверыў яго біяграфію на сайце беларускага параламента: 3 дэталі супадаюць з маім былым выкладчыкам -- ён вучыўся ў педінстытуце на маёй спецыяльнасці (гісторыя+англ. мова), працаваў у ім пазней і мае толькі аднаго сына. Таму мае сумленне дазваляе мне сцвярджаць, што Ігар Васільевіч Карпенка, выкладчык спецкурса "Культура гаворкі настаўніка" і Ігар Васільевіч Карпенка, намеснік мэра Мінска -- гэта адна і тая ж асоба.
Чалавек мяняецца на працягу ўсяго жыцця. Таму тое, што я ведаў пра Карпенку-выкладчыка можа адрознівацца ад цяперашняга чыноўніка. Але некаторыя мае ўспаміны пра гэту асобу могуць быць карыснымі пры апісанні сучаснай гісторыі Беларусі. А гісторыю ствараюць асобы. Ну, пачнем...

Практык сярод тэарэтыкаў
Суха теория, мой друг, а древо жизни зеленееет
Большасць маіх выкладчыкаў можна было аднесці да "вялікіх тэарэтыкаў": шмат увагі было да ўсяго тэарэтычнага і на лекцыях, і на семінарах, а што рабіць у класе з вучнямі нам будучым настаўнікам амаль ніколі не тлумачылі. А на 3-м курсе (2000 г.) перад намі на даляглядзе летніх канікул з'явілася першая сур'ёзная практыка -- ў дзіцячым лагеры. Ногі не падкашываліся, але чаканне было хвалюючым, бо як вырашаць праблемныя сітуацыі з выхаванцамі, як валодаць увагай аўдыторыі, як сябе правільна паставіць перад дзецьмі, мяне амаль не вучылі за выключэннем асобных выпадкаў, разгледжаных на семінарах па педагогіке.
Сістэма адукацыі ў Беларусі ўльтракансерватыўна. У вну вучаць шматлікім тэарэытчным пытанням, але мала ўвагі надзяляецца навучэнню працаваць па спецыяльнасці. Цікава, што калі праз гады я спрабаваў пераламіць сітуацыю з сваімі ўласнымі студэнтамі, мае калегі актыўна выступалі супраць маіх адхіленняў ад вучэбных праграм, студэнты таксама час ад часу былі супраць, але калі я паказваў як тое, што мы рабілі (напрыклад, пераклад вузкаспецыяльных тэкстаў замест агульнаэканамічных на перакладчых занятках) звязана з іх прафесіянальным навучаннем, змаўкалі.
Ігар Васільевіч Карпенка чытаў спецкурс "Культура гаворкі настаўніка". Спецкурсы ў вну вядуць пераважна "вялікія шышкі", і звычайна гэта проста паўтарэнне "сухой тэорыі" з іншых курсаў. Так спецкурс "Гісторыя хрысціянства" быў паўтарэннем гісторыі Расіі, Украіны і Еўропы ад Антычнасці да Новага часу, а адзін прарэктар чытаў спецкурс пра развіцце тэхналогій на працягу гісторыі, падчас якога схематычна распавядаў пра Платона, Арыстоцеля, пакарэнне Сібіры казакамі і амаль нічога пра ўласна тэматыку дысцыпліны.
Вось Карпенка выдзяляўся на фоне ўсяго гэтага практычнасцю таго, аб чым чытаў лекцыі, і добрым валоданнем аўдыторыі. На яго лекцыях разглядаліся розныя сітуацыі, ў якія можа патрапіць настаўнік, і варыянты іх рашэння. У той час я быў проста ў захапленні ад сустрэчы з разумным выкладчыкам, які, здаецца, ведаў адказы на многія пытанні. Пасля лекцый я нярэдка затрымліваўся, каб задаць дадатковыя пытанні яму і ён заўжды даваў трапныя і разважлівыя адказы. Не думаю, што я што-небудзь значыў для яго, але для мяне ён быў чымсьці накшалт прафесіянальнага бацькі, калі можна так казаць. Мне было 21, яму за 30. Я б не назваў яго сваім тагачасным кумірам: мае рэлігійнае выхаванне трымала мой розум цвярозым у гэтым плане. Не спрабаваў я і знайсці адказ на усе  свае жыццёвыя пытанні ў яго, бо разумеў сур'ёзную розніцу нашых поглядаў. Але галоўнае: гэты чалавек прынцыпова адрозніваўся ад усіх іншых знаёмых мне людзей, зрабіўшых кар'еру ў галіне ідэалогіі і выхавання, менавіта сваёй практычнасцю і эрудыцыяй. Большасць іншых ідэолагаў, як правіла, здольныя гаворыць пра ўсе прыгожа, але без глыбокай канкрэтыкі. Ён быў нейкім выключэннем з гэтага правіла. Не магу сцвярджаць якім ён стаў зараз, але тады ён быў практыкам сярод тэарэтыкаў.
Акцёр
Она была актрисою
И даже за кулисами
Играла роль
А зрителем был я...
В. Меладзе. Актриса
Майстэрства выкладчыка патрабуе нейкі элемент артыстызму. Карпенка такім акцёрам і быў. Больш за тое: перш за ўсё ён быў (і напэўна застаўся) акцёрам. У маім "альма матэр" ён узначальваў аматарскі студэцкі тэатр, а на лекцыях часта спасылаўся на штосьці звязанае з тэатрам.
Цяпер мяне не пакідае ўраджанне, што ўвесь гэты час ён іграў ролю "правільнага" настаўніка: крыху строгі, сабраны, ніякай "вады" на лекцыях, ветлівы, кампетэнтны, але недаступны. Не, ён многае распавядаў пра сваю сям'ю, але гэта былі не адкрытыя гаворкі, а прадуманыя прыклады з жыцця -- як на лекцыях, так і ў прыватных суразмовах сам-насам са мной. Аднойчы, падчас такіх суразмоў я задаў яму асабістае пытанне па пункту гледжання, на якое нельга было адказаць у агульных рысах. Карпенка крыху рэзка адказаў, што гэта адносіцца да яго ўласнага жыцця і не абмяркоўваецца. Зразумела, выкладчык не абавязаны ракрываць душу перад студэнтам, але і мае пытанне не было няветлівым: на яго адказвалі без праблем многія мае выкладчыкі, і яно не адносілася да яго ўласнага жыцця ў такой ступені як, маўляў, адносіны з жонкай. Сваей рэзкасцю у першы і ў апошні раз Ігар Васільевіч паказаў, што ў сваю душу зазірнуць не дае, і за вобразам "правільнага" выкладчыка штосьці асабістае ўбачыць не дасць.
Я не хачу сказаць, што ён быў крывадушнік. У рэшце рэшт, кожны чалавек раскрывае сябе іншым настолькі, насколькі гэтага хоча сам. Проста ён быў акцёр, даволі неблагі. Думаю акцёрскае майстэрства і дапамагло яму дасягнуць цяперашніх палітычных вяршынь: пасады кіраўніка кампартыі Беларусі і намесніка мэра горада.
З пункту гледжання Карпенкі.
Некаторыя думкі, што агучыў на сваіх лекцыях Ігар Карпенка, могуць дапамагчы зразумець яго цяперашнюю пазіцыю па шэрагу пытанняў.
Перш за ўсё, нічога камуністычнага ён не казаў ні разу (я не прапусціў аніводнай лекцыі і "варон" не лавіў). Ці быў ён камуністам, ці не -- не ведаю, але ніякіх марксісцкіх ідэй я ад яго ніколі не чуў. Цікава, што ў яго кабінеце на стале стаяла маленькая ікона, а на сцяне вісеў малюнак: Арлекін і П'еро ідуць разам і трымаюцца за рукі. Наколькі сур'ёзную ролю ў яго жыцці мела тая ікона, даведацца ад "правільнага" выкладчыка я і не спрабаваў, а асноўную ідэю малюнка -- весялосць і смутак як розныя праявы сцэнічнага мастацтва -- зразумець было не цяжка.
Двойчы на лекцыях ён закранаў "камуністычную" тэму. Аднойчы ён быў на экскурсіі ў Маскве, якую вяла зацятая антыкамуністка і калі яна пачала прывязваць назву Краснай плошчы да камуністаў, ён заўважыў, што назва гэтай плошчы ідзе ад слова "прыгожы" і камуністы тут не пры чым. На што экскурсавод попрасіла яго не замінаць ёй працаваць. Другі раз Карпенка спрабаваў разруліць канфлікт паміж выкладчыцай савецкіх поглядоў і "свядомым" студэнтам, які адмовіўся адказваць на экзамене пытанне "Ленін, як філосаф". Карпенка прапанаваў яму такі варыянт:
-- Малады чалавек, напішыце ці з'яўляецца, на Ваш погляд, Ленін філосафам, ці не і абгрунтуйце свой адказ.
Хлопец згадзіўся. Не думаю, што штосьці з гэтага можна ахарактарызаваць як камуністычную прапаганду.
Была ў яго думка, што ён не заўсёды згодны з палітыкай прэзідэнта, але да кіраўніка дзяржавы трэба ставіцца з павагай. Дарэчы, гэта сутнасць пазіцыі беларускіх камуністаў: яны не з'яўляюцца прапрэзідэнцкай партыяй, але падтрымліваюць яго па многім пытанням.
Карпенку-наммэра крытыкавалі за спробу перакласці ўсе тапанімічныя надпісы Мінска на англійскую, а не перадаваць іх лацінскай транкрыпцыяй з беларускай мовы. Некаторыя ўбачылі ў гэтым знявагу да першай нацыянальнай мовы. Сапраўды, Ігар Карпенка нарадзіўся ў Расіі і не мог з малаком маці пераняць любоў да беларускай мовы і культуры. Ён чытаў лекцыі па-руску і аднойчы сказаў што разумее неабходнасць выкарыстання беларускай мовы, але не разумее адсутнасці адзінства сярод яе носьбітаў: адны гавораць "экалогія", другія -- "экалёгія". Для чалавека з Расіі наяўнасць дзвюх версій адной мовы была чымсьці незразумелым і памылковым. Пры гэтым ён ведаў і цаніў мову англійскую. Магчыма ў гэтым і была прычына няўдалай спробы ўсё перакласці на англійскую, няўдалай, бо найбольш істотныя надпісы было вырашана перадаваць менавіта лацінскай транкрыпцыяй з беларускай мовы. Застаецца нагадаць, што ніякай знявагі да беларускай мовы я за ім не заўважыў, таму за такім рашэннем мог стаяць банальны прагматызм: лічыў, што так зручней.
А яшчэ Карпенка спрабаваў выхаваць у нас інтэлігентнасць. Неаднаразова засцерагаў ад выкарыстання ненарматыўнай лексікі ў класе. Прыводзіў прыклады з вобраза дзеда Шчукара, якога Шолахаў у "Паднятай цаліне" зрабіў каларытным без мацюкоў і адмоўны вобраз расійскага тэлевядучага Сяргея Дарэнкі, які на ўсю Расію і Беларусь паказываў непрыстойнасці. Ён казаў, што лепей паставіць сваю думку так каб чалавек "спашліў у сэрцы", але самому пошласці не агучваць. Не ведаю, ці мацюкаўся ён калі ўвогуле -- акцёр на такое мусіць быць здольным, -- але многія дэталі выдавалі ў ім вытанчанага інтэлігента.
І сам-насам ён казаў мне, што сапраўднае выхаванне любові да радзімы ідзе не праз наведаванне музеяў, а праз паход з навучэнцамі ў лес на шашлык. Вузкалобы ідэолаг такога не сказаў б. Ведаю. Размаўляў з такімі.
Жаночы фактар
На ясных паненак усе ахвочыя паглядзець
П. Васючэнка. Каляровая затока
Сярод маіх выкладчыкаў-мужчын хапала аматараў прыгожай паловы чалавецтва. Адзін выкладчык падчас красамоўнага выступлення на семінары прыгожай дзяўчыны нават заплюшчыў вочы і адкрыў рот ад задавальнення (ўяўляецце як мне было сядзець за першай партай і з усіх сіл трымацца, каб не зарагатаць?!), а калі яна скончыла, пацалаваў ёй руку. Былі і тыя, хто шукаў магчымасці пацалаваць не толькі руку якой-небудзь яснай паненцы. Але нічога такога за "правільным" выкладчыкам Карпенкам я ніколі не бачыў, а амаль кожную лекцыю я затрымліваў яго сваімі пытаннямі, пакуль усе астанія пакідалі аўдыторыю. Не ведаю ці была ў яго калі-небудзь якая-небудзь іншая жанчына, акрамя жонкі, але для гісторыі яе наяўнасць / адсутнасць значэнне і не мае. Таксама і не жадаю калупацца ў яго асабістым прыватным жыцці.
Але так атрымалася, што наммэра Мінска атрымаў дрэнную славу ў сувязі з жаночым скандалам. Падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Міс Мінск 2013" І.В. Карпенка пацалаваў руку дзяўчыне, што атрымала гэтае званне. Прычым пацалаваў неяк па-бацькоўску: ён амаль не нахіляўся да яе рукі як патрабуе этыкет, а прыцягнуў да вуснаў. А праз некалькі дзён па Інтэрнету пачалі гуляць парнаграфічныя фотаграфіі новай Міс Мінск. Зразумела, Карпенке, хоць ён і не меў дачынення да іх, дасталося ад апазіцыйных СМІ і карыстальнікаў Сеціва.

Я не хачу сказаць, што Карпенка харошы ці наадварот дрэнны чалавек: учынкі палітыкаў ўвогуле нельга ацэнваць катэгорыямі маралі, бо галоўнае ў палітыцы, як і ў вялікім бізнесе, -- гэта поспех і перамога. Не жадаю абараняць яго і з пазіцыі мужской салідарнасці. Таксама ўсё напісанае вышэй паказвае, што я не жадаю напісаць яму панегірык, бо я пісаў і пра дасягненні, і пра недахопы свайго былога выкладчыка. Усё, што я напішу далей звязана з маіх жаданнем захаваць максімальную аб'ектыўнасць.
Ці ведаў Карпенка, ці не, пра мінулае той дзяўчыны -- неважна. Уявім сабе іншую сітуацыю. Ідзе ўрачыстае ўзнагароджанне настаўнікаў горада і абстрактны наммэра цалуе руку старой бабулі, што зрабіла сем абортаў, падсядзела некалькіх калег, каб прасунуцца па кар'ернай лёсвіцы, здраджвала мужу з начальствам, мяняла палітычныя і рэлігійныя перакананні адпаведна з тым, куды вецер дзьме і вось атрымала званне "Настаўнік года". (Дарэчы прыклад не такі ўжо і абстрактны, бо маральнае аблічча настаўнікаў я за 12 гадоў працы з імі вывучыў неблага). Ці можа ветлівы мужчына пацалаваць руку жанчыне з такім мінулым? Пытанне адкрытае. Я лічу, што да ўсіх людзей варта ставіцца з павагай, нават калі яны пакуль і не заслугоўваюць шчырага сяброўства. У такім выпадку хтосьці можа палічыць магчымым выразіць сваю павагу да жанчыны менавіта пацалаваўшы яе руку. У мяне, напрыклад, быў студэнт нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, і я яму руку (не, недачакаецеся) паціскаў, як і іншым студэнтам-мужчынам.
Таксама хачу адзначыць, што мадэльны бізнес не церпіць высокай маралі. Мне даводзілася азнаеміцца з ўмовамі аднаго міжнароднага мадэльнага конкурсу і там быў цікавы пункцік: арганізатары мелі права зняць з конкурсу кожную з удзельніц без тлумачэння прычын. Ці трэба тлумачыць якія магчымасці гэта дае для мужчын легкіх паводзін?
Апошняя сустрэча.
Падчас адной з нашых апошніх прыватных суразмоў Карпенка на развітанне па-сяброўску ляпнуў мяне па плячу і сказаў:
-- Ты, пэўна кнігу будзеш пісаць?
Напэўна буду. Але не пра настаўніцкае рамяство. Магчыма праз нейкі адлеглы час я паспрабую напісаць кнігу аб сучаснай гісторыі Беларусі.  І сустрэча з Ігарам Карпенкам у жыцці з'яўляецца адной з шматлікіх рысачак, з якіх складаецца панарамнае палатно гісторыі маёй краіны, гісторыі, што пішацца зараз.
І яшчэ раз. Я пішу для тых, хто спрабуе зразумець сутнасць таго, што было і ёсць. Менавіта для гэтага і існуе гісторыя як навука, а не для паслугавання рознакаляровым палітычным плыням. Не ведаю, ці атрымалася ў мяне захаваць аб'ектыўнасць пры апісанні Карпенкі. Я ўдзячны таму Карпенке, што дапамог мне сталець як настаўніку. Але я разумею, што цяпер гэта можа быць зусім іншы чалавек. Я ведаў некалькі сціплых жанчын, якія паступова рабіліся крутымі дыктатарамі, калі атрымоўвалі ўладу над калектывам (як і наадварот скінутыя з улады людзі рабіліся сціплымі і непрыкметнымі). Таму наколькі цяперашні Карпенка адрозніваецца ад тагачаснага -- пытанне адкрытае.

16.05.2014

Нешта незвычайнае ў Мінску.

Я жыву ў Мінску практычна ўсё жыццё. За 1980-2010-я гг. змянілася столькі ўсяго, што мела б сэнс напісаць асобную кнігу. І многія цяперашнія трэнды ахапілі амаль увесь свет. Людзі ўсё меньш чытаюць папяровыя кнігі і часцей карыстаюцца электроннымі прыладамі не толькі ў буйных гарадах, але і ў вёсках Беларусі. З аднаго боку інфармацыі  ўсё больш, з другога людзі меньш чытаюць, прыстасаванняў, што мусяць аблегчыць жыццё ўсё больш, а паспяваеш зрабіць усё меньш. Хіба ў гэтым усім ёсць штосьць незвычайнае?

Але за апошні час я заўважыў пару забаўных тэндэнцый...

Кожны чацвер на станцыях метро ля спальных раёнаў  Мінска  можна заўважыць  5-10 пенсіянераў, якія чакаюць газету "Вячэрні Мінск". Гэту штотыднёвую газету прывозяць у 9 раніцы, і бабулі з дзедулямі размятаюць увесь бясплатны тыраж з латкоў за кароткі час. Бяруць і для сябе, і для суседзяў і знаёмых. Чаканне каратаюць у размовах (у кожны чацвер гэта могуць быць розныя людзі).

На станцыях у дзелавых кварталах газету разбірараюць у другой палове дня працоўныя масы (там назва газеты крыху больш адпавядае рэчаіснасці).

Вось так акрамя лавак ля дому ці чэргаў у паліклініках у мінскіх пенсіянераў з'явілася яшчэ адно месца для гутаркі і знаёмства. Дарэчы азіяцкай і адначасова заходнееўрапейсках традыцыі гуртавацца ў невялічкіх кафэ сярод мінскіх пенсіянераў я не заўважаў. Так што незвычайны трэнд у гэтым ёсць.

Другую тэндэнцыю заўважыў па свайму малодшаму сыну Любаміру. Не сякрэт, што цяперашнія дзеці ва ўзросце 1-2 гадоў разглядаюць мабільнік як цікавую каляровую цацку. Разуменне, што такое тэлефон прыходзіць пазней. Яго амаль 5-гадовы брат Данііл не здівіўся, калі некалькі тыдняў таму я паставіл замест сучаснага партатыўнага тэлефона, які паламаўся, стары дыскавы савецкі апарат: для яго тэлефон ужо не забава, а прылада для размовы. А вось першы тэлефон з якім 1-гадовы Любчык пазнаеміўся (ў адрозненні ад Даніка) быў смартфон з сэнсарным экранам, і тады калі ён дабраўся да майго кнопкавага мабільніка, ён доўга націскаў пальцамі на экран, не разумеючы, чаму нічога ад гэтага не змяняецца.

Панове чытачы, дасылайце свае назіранні. Можа я яшчэ чаго цікавага не заўважыў?

09.05.2014

Ад аўтаноміі да федэратыўнай дзяржавы. Амерыканская рэвалюцыя

 Распаўсюджана думка, як сярод жыхароў былога СССР, так і сярод саміх амерыканцаў, што Рэвалюцыя 1775-83 гг. (альбо Вайна за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній) была барацьбой з тыраніяй і імкненнем стварыць новую дзяржаву. Але на самой справе ўсё пачалося з барацьбы за пашырэнне аўтаноміі 13 калоній Вялікабрытаніі. А палітычная барацьба, якая пры гэтым мела месца, была больш складанай з'явай, чым проста спробай скінуць ярмо тырана і атрымаць свабоду. Разгледзім некаторыя факты.

Рэвалюцыянеры і канспіралогія

Амаль усе рэвалюцыі маюць і канспіралагічныя інтэрпрытацыі: унутраныя ворагі і знешнія ворагі Бацкаўшчыны разам плялі інтрыгі і зрабілі рэвалюцыю, каб аслабіць вялікую дзяржаву. Паколькі гэта закранае і Амерыканскую рэвалюцыю, трэба звянуць увагу на адпаведныя тэорыі ў дачыненні да амерыканцаў.

Найбольш папулярна прывязка Рэвалюцыі да масонскіх ложаў. Сапраўды многія рэвалюцыянеры былі членамі такіх тайных таварыстваў, а на доларавай банкноце знаходзяцца некалькі масонскіх сімвалаў. Але сур'ёзных сведчанняў аб тым, што масонскія ложы кіруюць светам ці імкнуцца кантраляваць урад той ці іншай краіны я не знайшоў негледзячы на ўважлівае вывучэнне літаратуры, прысвечанай гэтаму руху. Хутчэй за ўсё, як я ўжо пісаў у адным навуковым артыкуле (1), масонскія ложы ўяўлялі сабой прататып грамадскага аб'яднання, накшалт палітычнай партыі або клуба па інтарэсам. Такія суполкі маглі быць месцам, дзе ішлі палітычныя дэбаты і маглі рыхтавацца нейкія планы перабудовы грамадства, але гэта было стыхійна і весці якое-небудзь нябачнае кіраўніцтва гэтымі дыскусіямі было праблематычна. Да таго ж, масоны падчас Французскай рэвалюцыі 1789-99 гг. без праблем вынішчалі сваіх апанетаў-масонаў праз гільяціну, што сведчыць аб адсутнасці глыбокага адзінства паміж членамі масонскіх ложаў.

У савецкія часы на кухнях інтэлігенцыі таксама ішлі гутаркі і спрэчкі, чытаўся самвыдат, але далей тэорыі гэта не пайшло, і савецкая ўлада рухнула практычна без якога-небудзь удзелу гэтай інтэлігенцыі. Цікава, што аналагічныя дыскусіі вяліся і на сірыйскіх кухнях, але грамадзянская вайна пачалася толькі калі з'явілася досыць людзей, гатовых ваяваць супраць Асада і яго добра ўзброенай арміі, а не толькі разважаць пад чай з цыгарэтамі.

Іншымі словамі, ў 13 калоніях таксама хапала інтэлектуалаў, якія былі чым-небудзь незадаволены і жадалі прыймаць удзел у перабудове грамадства і дзяржавы. Але рэвалюцыйная сітуацыя ўзнікла толькі пасля прыняцця т.зв. «невыносных законаў» у 1774 г. І тады ўзнікла магчымасць перайсці ад тэорыі да практыкі. А канспіралагічныя тэорыі добра працуюць на два віда аўдыторыі. Першая – аматары сенсацый, для якіх падобныя змовы і інтрыгі цікавы толькі каб пазабавіць сябе інтэлектуальна. Ніякай спробы разабрацца ў сітуацыі з боку аматараў сенсацый звычайна няма, таму такія канспіралагічныя тэорыі з'яўляюцца свайго кшалту відам бізнеса ад журналістыкі.

Другая група, больш сур'ёзная – гэта ідэолагі пэўных кансерватыўных палітычных структур, асабліва манархісты, мэта якіх -- спісаць усе праблемы палітычнай і эканамічнай сістэмы на інтрыгі знешніх і ўнутранных ворагаў. Ворагаў, асабліва тайных, кантраляваць амаль немагчыма, таму нічога ў палітыцы да эканоміцы мяняць не трэба, бо краіне проста не пашанцавала. (Аналагічным канспіралагічнаму з'яўляецца правідэнцыялісцкі падыход, калі праблемы дзяржавы апісваюць як Божае пакаранне за грахі). Зразумела, гэта аўдыторыя сур'ёзна ўспрымае канспіралагічныя тэорыі і папулярызуе іх.

Тым не меньш, трэба звярнуць увагу на адно таварыства, з якога выйшлі ў вялікую палітыку многія бацькі-заснавальнікі Злучаных Штатаў, -- «Сыны Свабоды». Менавіта дзейнасць гэтага палітычнага клуба прывяла да ўзнікнення рэвалюцыйнай сітуацыі ў 1774 г.

Свабода па-брытанску і яе «Сыны»

Звычайна брытанцы пачынаюць сваю гісторыю свабоды і правоў чалавека з Вялікай Хартыі вольнасцяў. Але паводле гэтага дакумента толькі абмежаваная частка грамадства надзялялася правамі свабодных людзей.

Крызіс абсалютнай каралеўскай ўлады, які спарадзіў Англійскую рэвалюцыю 1640-60 гг. Стаў прычынай абмежавання каралеўскай улады парламентам і фарміравання дзвюхпартыйнай сістэмы змены ўлады (у той час лібералы, якіх пазней змянілі лейбарысты, і кансерватары). Заставалася шматлікая «несістэмная» апазіцыя, якая гуртавалася пераважна вакол невялікіх пратэстанцкіх рэлігійных аб'яднанняў. Паколькі заставалася верагоднасць ўзброенага паўстання супраць каралеўскай улады пад эгідай такіх груп «несістэмнікаў» (адно з іх дарэчы добра апісана Вальтэрам Скотам у рамане «Пурытане»), да іх ставіліся прадузята, нярэдка гэтыя рэлігійныя меньшасці былі вымушаны пакінуць туманны Альбіён у пошуках лепшай долі. Урад Брытаніі нічога не меў супраць, каб яны стваралі свае калоніі ў каралеўскіх уладаннях ў Паўночнай Амерыцы і жылі там па сваім законам. Так узнікла сістэма самакіравання амерыканскіх калоній, якая паспяхова развівалася на працягу 18 ст.

Далёка не усе калоніі ствараліся тымі, хто выступаў супраць урада метраполіі. Напрыклад, плантатары Поўдня былі пераважна лаяльнымі каралю. Таксама і нашчадкі пурытанскіх рэвалюцыянераў не мелі прычын выступаць супраць, бо кароль і парламент не заміналі ім жыць у адпаведнасці з іх уласнымі перакананнямі. Падобныя рэчы адбываліся і ў Вялікабрытаніі, дзе розныя плыні пратэстантызму ўжо атрымалі свабоду веравызнання і напруджанасць адносін паміж ім перашла з стадыі ўзброенай барацьбы ў стадыю інтэлектуальных дыспутаў (ізноў адрасую больш падрабязна прачытаць аб гэтым у В. Скота «Пурытане» і «Эдынбургская цямніца»). Пры гэтым ў каланіяльны перыяд гісторыі Амерыкі стварыўся даволі цікавы варыянт вырашэння праблемы суіснавання розных плыняў пратэстантызму: калі якую-небудзь групу не цярпелі ў адным месцы, яна магла спакойна перабрацца ў іншае месца і заснаваць там пасяленне ці нават калонію. Так, дарэчы нараджалася сістэма «адзінства ў разнастайнасці» -- розныя культуры і субкультуры ўтваралі адзіную нацыю...

Такім чынам, тыраніі каралеўскай улады ў звычайным разуменні гэтага слова не было. Але былі людзі інтарэсы якіх закранула палітыка метраполіі, людзі, якіх можна назваць сярэднім класам, людзі, якім было што губляць акрамя ланцугоў. Гэта былі паспяховыя гандляры, такія як Джон Хэнкок, юрысты, як Джон Адамс і некаторыя іншыя людзі, якіх у пэўным сэнсе слова можна назваць элітай калоній. Калі ішла вайна Вялікабрытаніі з французамі і індзейцамі скончылася перамогай іх метраполіі, а амерыканскія каланісты, атрымалі ў якасці «падзякі» новыя падаткі і абмежаванні, менавіта гэта эліта і была асноўным рухавіком супраціўлення брытанскаму каралю і парламенту.

Незадаволеныя стварылі тайную арганізацыю «Сыны свабоды». Ніякіх доказаў дачынення да «Сыноў свабоды» масонаў, іезуітаў, разенкрэйцэраў, сіяністаў і іншых груп, якіх традыцыйна абвінавачваюць у змовах супраць вялікіх імперый, я не знайшоў. Некаторыя рэвалюцыянеры як амерыканскія, так і еўрапейскія, былі масонамі, але масонствам «балаваліся» многія еўрапейцы абсалютна розных палітычных поглядаў. А вось «Сыны свабоды» сталі сапраўднай школай палітычных кадраў будучай супердзяржавы.

Звычайна ўсё пачынаецца з нейкага клуба, дзе джэнтльмены за брэндзі і сігарамі абмяркоўваюць вялікую палітыку, а ва ўмовах глыбокай незадаволеннасці ўрадам пачынаюць гуртавацца ў нейкія суполкі, з якіх фарміруецца палітычная апазіцыя. Так было і ў Беларусі, дзе цяперашняя палітычная партыя БНФ узнікла ў канцы 1980-х гг. як арганізацыя нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа. Так было і ў Амерыцы.

Мне цяжка судзіць колькі членаў «Сыноў свабоды» і блізкіх ім па поглядам людзей былі шчырымі барацьбітамі за ідэалы, а колькі проста рабілі бізнес у галіне палітыцы. Было і тое, і тое. Былі тыя, хто верыў, што чым больш свабоды маюць калоніі, тым лепш, а былі і тыя, хто жадаў мець большы ўплыў на жыццё калоній. Але і тым і другім быў да спадобы лозунг «Ніякіх падаткаў без прадстаўніцтва (у Парламенце)» (No taxation without representation).

У Лондане лічылі інакш: мы дазваляем вам жыць па сваім парадкам у калоніях і збіраць мясцовыя падаткі, але і ў Парламенце вам не месца, а мы, як урад усёй краіны, маем уладу збіраць падаткі з сваіх падданых ва ўсіх сваіх уладаннях. Зразумела, гэта спараджала канфлікт, які падаграваўся палітычнымі правакацыямі, такімі як Інцыдэнт на Кінг Стрыт ў Бостане ў 1770 г і кантрабадысцкай дзейнасцю некаторых будучых рэвалюцыянераў (напрыклад існуюць такія звесткі пра Джона Хэнкока).

Але рэвалюцыйная сітуацыя, калі вакол «Сыноў свабоды» і іншых апазіцыянераў згуртаваліся ўплывовыя асобы амаль усіх 13 калоній, узнікла з прыняццем серыі «Невыносных законаў» у 1774 г. Паколькі я ўжо пісаў падрабязна пра інцыдэнт на Кінг Стрыт (больш вядомы як Бостанская бойня) (3) пра Акцыю супраць чаю (больш вядомую як Бостанскае чаяпіцце) (2) і даваў некаторы агляд па невыносным законам, няма сэнсу падрабязна пісаць пра гэта тут. Варта толькі адзначыць, што гэтыя законы не былі невыноснымі для кожнага каланіста, але яны закраналі эканамічныя інтарэсы і палітычны ўплыў менавіта каланіяльнай эліты. І вось тады пачынаецца рух, які прывёў ад лозунга аб пашырэнні правоў каланіяльнага самакіравання і прадстаўніцтва каланістаў у парламенце Брытаніі да аддзялення калоній і іх згуртавання ў адзіную дзяржаву.

Джэнтльмены збіраюцца на Кангрэс

У той час выбарнасць органаў самакіравання калоній не азначала ўдзел шырокіх народных мас у выбарах: існаваў маёмасны цэнз. І гэта лічылася нармальным: чалавека, які не меў пэўнага матэрыяльнага дабрабыту, магчыма было купіць за 5 капеек, як дарэчы нярэдка адбываецца на сучасных дэмакратычных выбарах. (Зразумела можна было купіць і голас багацея, што таксама не было рэдкасцю ў тагачасных Вялікабрытаніі і яе калоніях). Таму палітычная эліта васямнаццатага стагоддзя брала на сябе адказнасць і ў калоніях, і ў метраполіі выступаць ад імя народа, не пытаючы апошні аб яго сапраўднай пазіцыі.

Дзеля аб'ектыўнасці брытанскі кароль і парламент ужо дапяклі падаткамі і абмежаваннямі многіх амерыканскіх каланістаў. У метраполіі выбар быў чыста тэарэтычны: ці душыць падаткамі і абмежаваннямі англамоўныя калоніі, якія яшчэ не вялі барацьбы з Каронай, ці рабіць тое ж самае з французамі Канады і індзейскімі плямёнамі, якіх толькі што ўпакарылі ў Франка-індзейскай вайне. Таму і атрымалася, што за каралеўскія войны плацілі простыя амерыканцы. У 1770-73 гг. многія падаткі на карысць метраполіі былі скасаваны акрамя сімвалічнага чайнага, і Амерыка крыху супакоілася, але калі ў адказ на акцыю супраць чаю ў 1774 г. былі ўведзены некалькі репрэсіўных законаў узнікла пагроза, што гэтым не абмяжуецца. На дабрабыт простых амерыканцаў гэтыя «нявыносныя» законы не асабліва паўплывалі (акрамя бостанцаў, што жылі на гуманітарную дапамогу ад іншых калоній па прычыне закрытага порта). Але была моцная анцібрытанская прапаганда і быў страх увядзення новых абмежаванняў. Як бы тое ні было, але ўзнікла рэальная рэвалюцыйная сітуацыя: «вярхі» (кароль і Парламент) не здолелі знайсці выхад з крызісу сваёй улады ў калоніях, а «нізы» (простыя амерыканцы) не жадалі новых падаткаў і абмежаванняў. Не тое каб масы фермераў і гараджан рукапляскалі сваёй палітычнай эліце і былі гатовы пайсці за імі, але гатовых узяцца за зброю было дастаткова, каб пачаць рэвалюцыю. А тут быў і яшчэ адзін нюанс: кожны каланіст меў права насіць зброю і многія мелі вопыт партызанскай вайны па прычыне пастаянных канфліктаў з індзецамі.

Першы Кантынентальны Кангрэс (далей для зручнасці -- ПКК) сабраўся ў горадзе Філадэльфія (калонія Пенсільванія) у Карпентэрз Холе 5 верасня 1774 г. і працаваў там па 26 кастрычніка таго ж года. Назва Кантынентальны ідзе ад таго, што меркавалася прыцягнуць да ўдзелу ў ім усе брытанскія калоніі Амерыкі, але Квебек і Багамы праігнаравалі запыт і не прыслалі дэлегатаў, а ад Джорджыі ніхто не прыехаў. Усяго прыехала 56 дэлегатаў, кожную з 12 калоній прадстаўлялі ад 2 (Нью-Гэмпшыр) да 9 (Нью-Ёрк) чалавек. Сярод удзельнікаў ПКК былі такія будучыя палітычныя гіганты як Джордж Вашынгтон, Джон Адамс і яго кузен Самюэль. (4)

Джэнтльмены сабраліся каб абмеркаваць адно пытанне, якое турбавала ўсех дэлегатаў Кангрэса: якім чынам дабіцца адмены «невыносных» законаў. Ішла доўгая работа па распрацоўцы варыянтаў. Гэта нагдвае, як у снежні 1991 г. кіраўніцтва Расіі, Беларусі і Ўкраіны ў Віскулях скасавала СССР: перад тым як лідары дзяржаў паставілі свае подпісы ішла доўгая распрацоўка варыянтаў пагаднення аб стварэнні СНД. Так і на ПКК розныя джэнтльмены прапаноўвалі розныя прадуманыя планы, і ішло доўгае абмяркоўванне прапанаваных варыянтаў. Аб рэвалюцыі і незалежнасці яшчэ гаворка не вялася. Праўда Патрык Генры, прапанаваў аддзяленне калоній ад метраполіі, але большасць дэлегатаў не была гатова дзейнічаць так рашуча. Былі і больш кампрамісныя планы. Некаторыя ўдзельнікі ПКК былі лаяльнымі каралеўскай уладзе і, калі пачалася рэвалюцыя, засталіся на баку Брытаніі. І ў гэтым ніякай здрады не было: яны былі супраць невыносных законаў, а не караля ўвогуле.

Пратаколы паседжанняў ПКК можна знайсці ў Інтэрнэце. Паколькі такія паседжанні не прыцягваюць столькі ж увагі сколькі сама рэвалюцыйная вайна 1775-83 гг., матэрыялы ПКК яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.(6) Але можна зазначыць тры галоўныя дасягненні: Кангрэс аб'явіў байкот брытанскіх таварам у калоніях, было вырашана стварыць мабільныя атрады апаўчэння каланістаў – атрады мінітмэнаў – для самаабароны калоній ад карных войскаў караля і было вырашана склікаць Другі Кантынентальны Кангрэс.

Паколькі была створана спецыяльная камісія ПКК па кантролю за байкотам англійскіх тавараў, гэты байкот быў больш эфектыўны, чым папярэднія спробы прымусіць каланістаў не купляць англійскае. Зразумела ніякія хлопцы ў масках звычайна не прыходзілі да каланістаў, што працягвалі «купляць англійскае», і не тлумачылі ім іх несвядомасць з дапамогай дубца: такіх каланістаў проста таксама чакаў байкот, а ў некаторых выпадках гэта азначала разарэнне мясцовых прадпрымальнікаў. Трэба прызнаць што і па бізнесу метраполіі байкот нанёс моцны ўдар, і ўзбагаціў амерыканскіх кантабандыстаў...

Працэс пайшоў...

19 красавіка 1775 г. буйны атрад брытанскай арміі накіраваўся з Бостана ў горад Канкорд каб ліквідаваць склад зброі апаўчэнчаў. Каля вёскі Лексінгтан вайскоўцы сустрэлі ўзброеных мінітмэнаў і завязаўся першы бой рэвалюцыі. 8 мінітмэнаў забілі, астатнія збеглі. Але на зваротным шляху з Канкорда апаўчэнцы ўзялі рэванш: па брытанцам стралялі з усіх магчымых сховішчаў і атрад згубіў каля 250 забітымі і параненымі.

10 мая 1775 г. сабраўся Другі Кантынентальны Кангрэс (далей -- ДКК). 15 мая таго ж года ДКК аб'яўляе вайну метраполіі. Пакуль армія апаўчэнцаў Дж. Вашынгтона вядзе няроўныя баі з каралеўскімі вайскоўцамі і атрадамі мясцовых лаялістаў, паралельна ідуць спробы дамовіцца з каралём. Так у Петыцыі аліўкавай галінкі Дж Дыкінсана караля літасціва прасілі адмяніць невыносныя законы (большасць з якіх, дарэчы, былі прыняты як тэрміновыя меры). Кампрамісныя прапановы былі і ў петыцыі каралю філадельфійскіх квакераў. Але Георга ІІІ ўжо дапяклі непаслухмяныя каланісты і да кампрамісаў ён быў не гатовы.

Гэтага караля многія уяўляюць як тырана і недаразумнага салдафона. Але гэта быў вопытны палітык. У 1775 г. ён быў каралём Брытаніі ўжо 15 гадоў. Яго палітыка талерантнасці да каталікоў Квебека і самой Вялікабрытаніі аперажала час і выклікала абрурэнне суайчыннікаў: чаго варты адзін толькі горданаўскі бунт 1780 г. Таксама ўлада караля абмяжоўвалася паўнамоцтвамі парламента. «Шапкай» кожнага каралеўскага закона была заява аб тым, што рашэнне прынята каралём з ухвалы свецкіх і рэлігійных лордаў. Трэба прызнаць, што час ад часу Георг ІІІ хварэў псіхічна, але ў такіх выпадках яго адхілялі ад дзяржаўных спраў пакуль хвароба не праходзіла. Таму рашэнне пакараць рэвалюцыянераў сілай зброі было памылковым, прынятым на эмоцыях, але яго памылковасць стала зразумелай толькі з цягам часу.

Застаецца толькі паўтарыць, што да 4 ліпеня 1776 г. вайна ішла, але незалежнасць калоній яшчэ не была мэтай гэтай вайны.

Ад незалежнасці да Канфедэрацыі

4 ліпеня 1776 г. ДКК прыняў Дэкларацыю незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі згодна праекту Томаса Джэферсана. Праект падпісалі 39 дэлегатаў ДКК з 65, прычым вышэй згаданы Джон Хэнкок першым напісаў сваі імя і прозвішча вялікімі літарамі, каб, як ён тлумачыў, кароль мог прачытаць яго без акуляраў. Сярод падпісатаў Дэкларацыі былі таксама кузены Джон і Самюэль Адамс з «Сыноў свабоды» і Бенджамін Франклін.

Дэкларацыя абвяшчала разрыў сувязяў з Вялікабрытаніяй і незалежнасць калоній ад былой метраполіі. Гэта не азначала аўтаматычна стварэння новай адзінай дзяржавы. Быў сцяг, была армія, але не было яснасці ў многіх іншых справах. Выраз «Злучаныя Штаты» існваў як тэрмін які абазначаў калоніі, што выступалі ў саюзе супраць караля. (Дарэчы з лістапада 1776 па кастрычнік 1781 г. горад Нью-Ёрк заставаўся пад кантролем каралеўскай арміі, як і некаторыя іншыя тэрыторыі паўстаўшых калоній). Але галоўнае ў тым, што невядома яшчэ было ці будуць гэтыя калоніі адной дзяржавай альбо проста стануць садружнасцю незалежных дзяржаў.

15 лістапада 1777 г. ДКК прыняў дакумент вядомы ў гісторыі як «Артыкулы Канфедэрацыі і вечнага саюза паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі». Так ЗША з саюза незалежных дзяржаў перайшла ў статут канфедэрацыі. Кангрэс Злучаных Штатаў і створаны ім Камітэт Штатаў сталі яшчэ не ўрадам адзінай дзяржавы але ўжо арбіртрам і каардынацыйным цэнтрам паміж суб'ектамі канфедэрацыі.

Цікава, што штаты не спяшаліся ратыфікаваць дакумент і губляць хоць частку сваёй незалежнасці. Вось якую эвалюцыю перажылі Артыкулы.

11 чэрвеня 1776 г. - Кантынетальны Кангрэс вырашыў стварыць камітэт распрацоўкі праекта канфедэрацыі калоній.
12 чэрвеня 1776 г. - Гэты камітэт пачаў працаваць.
12 ліпеня 1776 г. - Першы чарнавы праект Артыкулаў Канфедэрацыі распрацаваны і прадстаўлены Кангрэсу.
15 лістапада 1777 г. - Кантынентальны Кангрэс прыняў Артыкулы Канфедэрацыі.
17 лістапада 1777 г. - Артыкулы Канфедэрацыі прадастаўлены штатам для вырашэння іх далейшага лёсу.
26 чэрвеня 1778 г. - Вырашана дапрацаваць Артыкулы.
27 чэрвеня 1778 г. - Першы дапрацаваны варыянт забракаваны, пачалася распрацоўка другога варыянта.
9 ліпеня 1778 г. - Другі дапрацаваны варыянт падпісалі 8 штатаў: Нью Гэмпшыр, Масачусэтс, Род Айлэнд, Канэктыкут, Нью Ёрк, Пенсільванія, Вірджынія і Паўднёвая Караліна.
21 ліпеня 1778 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі Паўночнай Караліны.
24 ліпеня 1778 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі Джорджыі.
26 лістапада 1778 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі Нью Джэрсі.
5 мая 1779 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі штата Дэлавэр.
1 сакавіка 1781 г. - Ратыфікацыя дакумента дэлегатамі штата Мэрылэнд. Артыкулы пачынаюць дзейнічаць дэ-юрэ.
21 лютага 1787 г. - Кангрэс ухваліў план правядзення Канвенцыі ў Філадэльфіі па распрацоўцы Канстытуцыі ЗША.
4 сакавіка 1789 г. Прынята Канстытуцыя ЗША. Яна замяняе сабой Артыкулы Канфедэрацыі. (7)

І гэта ўсё ва ўмовах, калі ішла вайна з моцнай арміяй караля, лаялістаў і індзейцаў!

Гэты варыянт канфедэратыўнай канстытуцыі замацоўваў за Кангрэсам такія паўнамоцтвы як: арганізацыя арміі, вядзенне войн (але артыкул 6 дазваляў асобным штатам весці войны з індзейцамі і абараняцца ад раптоўных нападаў іншых ворагаў), і дыпламатычных зносін, арганізацыя паштовай сувязі паміж штатамі, чаканка грошай. Канада магла свабодна ўвайсці ў Канфедэрацыю, але якая-небудзь іншая тэрыторыя магла ўвайсці ў яе склад толькі з дазволу 9 штатаў (артыкул 12). Таксама была прадумана складаная сістэма арбітражу спрэчак паміж асобнымі Штатамі ЗША (артыкул 9) (5).

Ставяцца кропкі над «і».

Канстытуцыя ЗША -- гэта невялікі дакумент на некалькі старонак, які пераўтварыў Канфедэрацыю ў федэратыўную прэзідэнцка-парламецкую дзяржаву. Яна ўяўляе сабой нейкі каркас або нават падмурак забудовы, на якім можна пабудаваць што заўгодна. Канстытуцыю ЗША не мянялі на працягу стагоддзяў, але ўнеслі 27 паправак, некаторыя з якіх змянілі асобныя яе палажэнні ці адмянілі іх увогуле. А вось канстытуцыі асобных штатаў уяўляюць сабой больш грунтоўныя дакументы, і іх мянялі і перапісвалі шмат разоў.

Гэта тэндэнцыя адлюстровае цэнтрабежную сілу штатаў: як штаты не прысягалі адзін аднаму ў вечным саюзе, яны імкнуліся захаваць як мага больш незалежнасці. Увогуле рэвалюцыя 1775 г. і прыняцце Дэкларацыі незалежнасці спарадзілі небяспечны прэцэдэнт: магчымасць аб'явіць незалежную рэспубліку і аддзяліцца ад краіны. З падобным сутыкнулася Грузія, калі аддзяленне Абхазіі і Паўднёвай Асетыі ад гэтай краіны суправаджалася спасылкай на выхад Грузіі з СССР. Тое ж самае было і ў ЗША: чаму 13 калоній могуць аддзяліцца ад Вялікабрытаніі, а асобны штат не можа выйсці з ЗША?

Гэта пытанне час ад часу паднімалася да 1861 г., калі асобныя штаты, накшалт Паўднёвай Караліны аб'яўлялі аб сваёй незалежнасці, а потым вярталіся ў склад краіны, атрымаўшы неккаторыя ўступкі. Вірджынія адпраўляла свае пасольства ў Еўропу, а штат Нью-Ёрк гандляваў з Вялікабрытаніяй падчас Другой вайны за незалежнасць (1812-14 гг.), калі Амерыка спрабавала пакласці канец атакам брытанцаў на свой флот і канадскіх індзейцаў на свае паўночныя межы дабіцца далучэння Канады да сваёй тэрыторыі. (Першае атрымалася – больш з Англіяй не ваявалі, а другое не – Канада так і засталася брытанскай). Але ўсё гэта было яшчэ дзіцячымі гульнямі да таго часу калі ў 1861 г. 9 штатаў Поўдня не прызналі абранне прэзідэнтам ЗША А. Лінкальна і стварылі Канфедэрацыю Злучаных Штатаў. Цікава, што тады і самі штаты пачалі дзяліцца на часткі. Напрыклад, ад Вірджініі, якая ўвайшла ў склад Канфедэрацыі, аддзялілася Заходняя Вірджынія, якая засталася вернай федэральнаму цэнтру. Праўда гэта быў адзіны выпадак, калі сепаратызм у межах асобнага штата замацаваўся заканадаўча, і ў сённяшніх ЗША ёсць проста Вірджынія і Заходняя Вірджынія.

Грамадзянская вайна 1861-65 гг. паставіла тлустую кропку ў пытанні каму можна аб'яўляць незалежнасць, а каму не. З таго часу ЗША канчаткова сталі федэратыўнай дзяржавай.

Дасягненне новай цывілізацыі

Сёння ЗША крытыкуюць у спробах навязаць свае разуменне дэмакратыі іншым народам і цывілізацыям. Гэта не зусім так. Злучаныя Штаты спрабуюць не распаўсюджваць сваю сістэму на ўвесь свет, а лепш кантраляваць яго праз аслабленне міжнароднага ўплыву іншых буйных дзяржаў такіх як Кітай, Расія, альбо праз сістэму саюзніцтва накшалт Паўночнаатлантычнага альянса, калі Вялікабрытанія, Францыя і Германія звязаны з ЗША хаўрусніцкімі абавязкамі. Сярод не вельмі ўплывовых саюзнікаў ЗША, якіх дэмакратычнымі можна назваць толькі ўмоўна, лічацца Паўднёвая Карэя і Саудаўская Аравія, і Штаты не спрабуюць звяргаць саудаўскага абсалютнага манарха або вызваляць вязняў сумлення з карэйскіх турмаў. (Правабаронцам з гэтых краін у амерыканскіх пасольствах у адказ на скаргі аб парушэнні правоў чалавека кажуць, што не могуць лезці ва ўнутранныя справы сувярэннай дзяржавы).

Але ўсё гэта не адмаўляе эфектыўнасці самой сістэмы ўлады ЗША. Амерыканцы добра прадумалі сістэму ўзаемакантролю прэзідэнта і парламента, дзякуючы чаму краіна не трапляе ні ў пастку аўтарытарнай дыктатуры адной асобы (што стала адной з прычын гібелі Расійскай імперыі), ні ў анархію парламенцкіх разборак, (якая, напрыклад згубіла Рэч Паспалітую і ледзь не прывяла да знікнення Швецыі). Увогуле сістэма «стрымак і процівагаў» (check and balances) гэта асобная тэма для даследаванняў.

Таксама 2-партыйная сістэма дапамагае гэтай краіне мець стабільны курс развіцця. Няма спрэчкі, гэта не дэмакратыя, калі, маўляў, камуністы альбо «зялёныя» ці нават нацысты не могуць перамагчы на выбарах і прыйсці да ўлады. Але ў выпадку поўнай змены палітычнага і эканамічнага курсу кожныя 4-5 гадоў, дзяржава прыйшла б у заняпад. А «2-партыйка» дазваляе толькі ўносіць карэкцыі ў курс і праводзіць плаўныя рэформы. Пры гэтым радыкалы накшалт некаторых абаляцыяністаў 19 ст., камуністаў 20 ст. і «зялёных» 21 ст. могуць сваімі акцыямі падштурхоўваць улады праводзіць змены. Я не абараняю ні дэмакратыю, ні яе адсутнасць, але як сумленны гісторык мушу прызнаць вышэй азначаныя. перавагі англа-амерыканскай 2-партыйнай сістэмы змены ўлады.

Яшчэ адно дасягненне амерыканскага федэралізму – эфектыўнае ўзаемадзеянне федэральнай і мясцовай улады. Напрыклад на федэральных аўтастрадах пераезд граніцы штатаў неадчувальны для машыны, а ў некаторых іншых краінах такая аўтастрада можна нават і разрывацца па прычыне таго, што ўлады двух штатаў не здолелі злучыць два канцы дарогі. Амерыканская пошта працуе так спраўна, што з яе дапамогай можна атрымаць нават такія афіцыйныя дакументы як пасведчэанне аб нараджэнні і вадзіцельскія правы. Таксама штатам дазваляюць мець шырокую спецыфіку і каларыт. Некаторыя штаты так і не адмянілі сухі закон, а ў іншых наадварот дазваляюць ужыванне марыхуаны. І гэта сітуацыя, калі ў адным штаце штосьці нельга, а ў другім гэта можна замацоўвае турыстычныя сувязі паміж штатамі, негледзячы на ўсю звонкавую дурасць такога становішча.

І ўрэшце, дзякуючы гібкай палітычнай сістэме кіравання з дапамогай «стрымак і процівагаў» амерыканцы навучыліся хутка прыстасоўвацца да змяняючагася свету і знаходзіць аптымальны адказ на выклікі іх цывілізацыі. Калі пачалася Грамадзянская вайна 1861-65 гг., паўнамоцтвы прэзідэнта сталі амаль дыктатарскімі. Падобным чынам Новы курс Ф. Рузвельта, дзякуючы якому Амерыка пераадолела Вялікую дэпрэсію 1929-33 гг. (а гэты эканамічны крызіс мог прывесці да поўнага абрушэння эканомікі), стаў магчымым таму, што амерыканскія прэзідэнты і кангрэсмены навучыліся дамаўляцца паміж сабой.

Усе гэтыя дасягненні сталі магчымымі дзякуючы таму вопыту вядзення перамоў, што быў закладзены на паседжаннях Першага і Другога Кантынентальных Кангрэсаў і развіваўся з цягам гісторыі новай дзяржавы. Падабаецца нам гэта ці не, але за здольнасцю цяперашняга прэзідэнта ЗША Б. Абамы рабіць яркія красамоўныя прамовы без паперкі стаіць моцная палітычная школа, закладзеная амерыканскімі каланістамі 18 ст.

Я не хачу сказаць, што амерыканскі вопыт мусіць быць эталонам для ўсяго свету. Ніякая створаная людзьмі палітычная сістэма не можа быць дасканалай. Але каб зразумець некаторыя цяперашнія рэаліі ЗША трэба правільна разумець яе гісторыю. Як казаў адзін амерыканскі грамадскі дзеяч, «каб зразумець куды мы ідзем, трэба ведаць адкуль мы выйшлі».

Крыніцы і літаратура


  1. Берастоўскі А. В. Масонскія ложы як папярэдніцы іншых грамадскіх аб'яднанняў Новага і Найноўшага часу // Предпринимательство в Беларуси: Опыт становления и перспективы развития. Материалы VII МНПК. Минск 20 апреля 2010. Мн.: БГПУ 2010, ч.1, с. 111-113. Таксама апублікаваны на сайце Historiapure, доступ: http://historiapure.narod.ru/index/0-7
  2. А. Берастоўскі. Дзве грамадзянскія вайны амерыканцаў // Сайт «Гістарычная праўда», доступ: http://www.istpravda.ru/bel/research/3408/
  3. А. Берастоўскі. Бостанская “бойня” ці Інцыдэнт на Кінг Стрыт // Сайт «Гістарычная праўда», доступ: https://www.istpravda.ru/bel/research/8538/
  4. Поўны пералік удзельнікаў ПКК ад кожнай з 12 калоній у артыкуле «Першы Кантынентальны Кангрэс» // Вікіпедыя, доступ: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%B5%D1%80%D1%88%D1%8B_%D0%9A%D0%B0%D0%BD%D1%82%D1%8B%D0%BD%D0%B5%D0%BD%D1%82%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D1%8B_%D0%9A%D0%B0%D0%BD%D0%B3%D1%80%D1%8D%D1%81
  5. Артыкулы канфедэрацыі Злучаных Штатаў у беларускім перакладзе А. Берастоўскага, доступ: http://berastouski.blogspot.com/2014/04/blog-post_21.html
  6. Full text of Journals of the Continental Congress, 1774-1789 (Пратаколы паседжанняў Кантынентальнага Кангрэса на англ. мове), доступ у Бібліятэцы Кангрэса ЗША: http://memory.loc.gov/ammem/amlaw/lwjclink.html
  7. The Articles of Confederation // Primary Documents in American History. Site: The Library of Congress; access: http://www.loc.gov/rr/program/bib/ourdocs/articles.html
    Усе спасылкі на інтэрнет-рэсурсы дадзены па стану на 10.05.2014.

06.05.2014

Вуліца Ложынская. Там, дзе сустрэліся 3 розных Беларусі.

Вуліца Ложынская ў мінскім мікрараёне Уручча на першы погляд нічым не прыкметная. Яна пачынаецца ад праспекта Незалежнасці паміж пярэднім і заднім выхадамі станцыі метро "Уручча" перасякае вуліцу Гарадзецкую і выходзіць на вуліцу Гінтаўта. Далей яна плаўна пераходзіць у вул. Падгорную вёскі Копішча (о, каб усе граніцы былі такімі, як гэта!) Мінскага раёна.
Я памятаю як на месцы цяперашніх забудоў была суцэльная пустка. Яшчэ падлеткам у 1990-я гг. я хадзіў пешшу з свайго мікрараёна Усход ва Ўручча да цёці, якая працавала бібліятэкарам у школе №191 (у нас з ёй быў бартэр: я дапамагаў ёй у бібліятэцы, яна давала мне кнігі па школьнай праграме, а тады іх не заўсёды было легка дастаць). Потым з жніўня 2002 па ліпень 2004 г. я настаўнічаў у суседняй 197-й школе. І увесь гэты час на Ложынскай было толькі некалькі дамоў савецкай забудовы і будынкі пачатку 90-х, а увесь прамежак паміж Ложынскай і Шафарнянскай быў суцельнай пусткай, калі не лічыць могілкі Ўручча -- адны з найстарэйшых у горадзе. (Дарэчы быў і падземны пераход праз пр. Незалежнасці (тады Ф. Скарыны) на месцы сёняшняй станцыі метро, і гэтым пераходам карысталіся яшчэ і як грамадскім туалетам).
Нажаль я не ведаю, якім было Ўручча да таго як яно стала часткай беларускай сталіцы ў 1978 г., таму не магу нічога дакладнага напісаць пра гісторыю вул. Ложынскай. Але панове чытачы заўсёды могуць узбагаціць мае нататкі сваёй інфармацыяй.
Цяпер будуць слайды...


 від з пр. Незалежнасці




 Новая будоўля бізнес-цэнтра і паркінга побач з могілкамі Ўручча

  Яшчэ адзін паркінг будуюць



 Будынкі 1990-х
 Паркінг паміж могілкамі, Ложынскай і Шафарнянскай

 Цікава, што імя Noami адпавядае біблейскаму жаночаму імю Наэмінь, што значыць "прыемная". Думаю, гэта філіял нейкага амерыканскага спа-салона, дзе такое імя далі яшчэ з часоў панавання пратэстанцкай этыкі. Наўрадці такое імя маглі даць "ад ліхтара"...

 1990-я гг...
 І сярдзіна 2000-х

 Гэтыя дамы яшчэ засяляюцца. Яны лічацца па Гарадзецкай, але фактычна стаяць на Ложынскай.
 Від на дом савецкай эпохі і будоўлю
 За новым домам схаваўся стары савецкі



 Back to USSR...
 Від на вул. Гінтаўта. Жоўта-карычневы дом --ўжо не Мінск!
 Універсам савецкіх часоў...


 І новы "Дзмітрыеў кірмаш насупраць. Канкурэнцыя...
 Від на Ложынскую з вул. Гінтаўта
 Будуюць новы раён
 Гэтыя чырвоныя дамы -- забудова 1990-х.

Гэта ўсё, што засталося ад пусткі. Свята месца не доўга будзе пуставаць?

Вось так на адной вуліцы сустрэліся тры розныя Беларусі: савецкая, рынкавая і парламенцкая 1990-х і сацыялістычная і прэзідэнцкая 2000-х. Можна было б дадаць і пра могілкі з пахаваннямі 19 стагоддзя і пра маманта, якога знайшлі пры будаўніцтве метро, але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя...

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...