27.03.2015

Загарніце мне Аляску, калі ласка!

«Людзям патрэбна тое, што Вам не патрэбна» -- гэта дэвіз аднаго з сайтаў для прыватных і камерцыйных аб'яў. Цікава, што прыкладна тое ж самае справядліва і да палітыкі куплі зямель у Паўночнай Амерыцы Злучанымі Штатамі. Пры гэтым гаворка ідзе не пра набыццё зямель сіламі прыватнай асобы ці нават калоніі або штата – такім чынам у індзейцаў набылі востраў Манхэтэн (Нью-Ёрк), а у рускіх каланістаў – Форт-Рос (Каліфорнія). Гаворка пойдзе пра некалькі сітуацый, калі Злучаныя Штаты куплялі землі іншых дзяржаў.



Купля Луізіяны 1803 г.
Адразу падкрэслім, што гэта тэрыторыя значна выходзіць за межы сучаснага штата Луізіяна. Таксама адзначым, што ў розныя перыяды гісторыі Луізіяна, заснаваная французамі і названая так у гонар французскага караля Людовіка XIV (Louis XIV), належыла не толькі Францыі, але і Іспаніі. З 1800 г. гэта была ізноў французская калонія. Але на 1803 г. гэта была слабазаселеная еўрапейскімі каланістамі прастора ва ўладаннях напалеонаўскай Францыі.
Напалеон Банапарт вёў барацьбу за панаванне ў Еўропе і Паўночнай Афрыцы. Акрамя таго, Францыя знаходзілася ў стане доўгай грамадзянскай вайны і пастаяннага канфлікту з большасцю сваіх еўрапейскіх суседзяў з пачатку Рэвалюцыі 1789 г. Розныя даследчыкі называюць розныя лічбы, але яны згодны, што за гэты час пастаянныя войны забралі жыццё больш чым 1 млн французаў. Адначасова пачалася партызанская барацьба за незалежнасць ад метраполіі ў некаторых амерыканскіх калоніях Францыі. У такіх умовах утрымаць Луізіяну, на якую з цікавасцю глядзелі Вялікабрытанія, Іспанія і ЗША, было праблематычна. І ідэя прадаць ЗША Луізіяну прыйшлася французам да спадобы.
Прадстаўнікі двух урадаў дамовіліся ў Парыжы аб перадачы гэтай калоніі ЗША ў абмен на 15 млн долараў аблігацыямі, . Дамоўленасць замацавалі дагаворам падпісаным 30 красавіка 1803 г (1). Паводле дагавора французская армія павінна была пакінуць Луізіяну на працягу трох месяцаў. Пры гэтым ЗША выкупалі землі спачатку ў французаў, а потым за прыкладна такую ж суму – ў індзейцаў, якія пражывалі на той тэрыторыі. Цікавым момантам з'яўляецца і тое, што у тэксце дагавора выкарыстоўваліся як грыгарыянскі каляндар, так і каляндар Французскай рэспублікі. Так апошні – дзясяты – артыкул дагавора завяршаўся фразай: «Заключана ў Парыжы ў дзясяты дзень месяца фларэаля адзінаццатага года Французскай рэспублікі або 30 красавіка 1803 г.».

Анэксія Фларыды 1810-19 гг.
У 18-пач. 19 стст. Фларыда была спрэчнай тэрыторыяй, накшалт Крыма ў пач 21 ст. У розны час яна належыла розным метраполіям і ў 1779 г. Іспанія скарысталася Амерыканскай рэвалюцыяй, каб увесці войскі ў Фларыду. Вялікабрытанія ужо звязала сябе вайной супраць рэвалюцыйнай арміі каланістаў, Францыі, якая актыўна дапамагала рэвалюцыянерам, і Галандыі. Вайна з Іспаніяй у гэтых умовах не магла ісці досыць актыўна і брытанскі леў праглынуў анэксію Фларыды іспанцамі.
У 1810 г. ЗША актыўна цікавіліся магчымасцю пашырыць свае ўладанні і як раз Іспанія пачала губляць сваю каланіяльную імперыю. Скарыстаўшыся момантам Злучаныя Штаты ўвялі сваю армію ў Заходнюю Фларыду, якая межавала з Луізіянай. Іспанская армія здолела утрымаць толькі частку гэтай тэрыторыі – акругу Мабіл паміж рэкамі Перл і Пердыда. Але ў 1812 г. калі Іспанія падтрымала бок Вялікабрытаніі падчас Англа-амерыканскай вайны 1812-14 гг. армія ЗША заняла і акругу Мабіл.
У лютым 1819 г. ЗША і Іспанія заключылі Дагавор Адамса-Оніса сутнасць якога была ў наступным: іспанская армія на паўвоставе Фларыда не магла стрымаць мясцовых індзейцаў ад рэйдаў на тэрыторыю ЗША, у выніку армія ЗША сама рабіла рэгулярныя рэйды ва Усходнюю Фларыду і адначасова накапілася фінансавых прэтэнзій грамадзян ЗША да Іспанскай кароны ў сувязі з індзейскімі рэйдамі на 5,5 млн долараў. У выніку Іспанія мусіла бясплатна перадаць ЗША Паўвостраў, свае прэтэнзіі на Аляску і Арэгон і ўзяць на сябе абавязак выплаціць кошт прэтэнзій амерыканскім грамадзянам. Таксама Дагавор Адамса-Оніса замацоўваў за ЗША права на ўжо набытыя землі Заходняй Фларыды і невялічкай часткі Новай Іспаніі (будучай Мексікі). Пасля гэтых набыткаў Злучаныя Штаты абяцалі не прэтэндаваць на іншыя ўладанні Іспаніі ў Амерыцы.
Цікава, што праз гады, у 1898 гг. Злучаныя Штаты падтрымалі паўстанні на Кубе і Філіпінах супраць іспанскага ўладарства і распачалі вайну з Іспаніяй. Пасля перамогі над Іспаніяй, Штаты дазволілі існаванне на Кубе нейкай васальнай дзяржаўнасці, а Філіпіны забралі сабе ў якасці калоніі, прычым з таго часу армія ЗША стала ваяваць з былымі саюзнікамі – партызанскімі атрадамі філіпінскіх сепаратыстаў. Але нагодай парушэння былой дамоўленасці не чапаць іспанскія тэрыторыі сталі дзве падзеі. Пачнем з другой: падчас вайны з кубінскімі сепаратыстамі па нейкай прычыне загінулі амерыканскія маракі карабля «Мэн», што і стала падставай для вайны з Іспаніяй. А першая падзея адбылася ў 1823 г. падчас выступлення прэзідэнта Джэймса Манро, які аб'явіў, што калі еўрапейскія краіны паспрабуюць вярнуць Іспаніі яе згубленыя калоніі, ЗША будуць абараняць сувярэнітэт маладых лацінаамерыканскіх дзяржаў, як уласны. Гэта заява ўвайшла ў гісторыю як дактрына Манро 1. Таму з аднаго боку амерыканскія джэнтльмены далі слова і забралі яго, з другога боку да гэтага вялі вышэй згаданыя палітычныя змены.

«Круты» Ўокер і купля Гадсэна.
Перад Мексікай у ЗША не было ніякіх абавязкаў, таму адваяванне значнай часткі мексіканскай зямлі ў 1840-х гг. не было парушэннем дамовы з Іспаніяй. Пасля ўваходу Тэхаса ў склад ЗША і далучэння іншых зямель паміж Каліфарнійскім паўвостравам і Тэхасам заставаўся яшчэ адзін значны кавалак зямлі, які не дазваляў пабудаваць чыгунку і іншыя камунікацыі паміж тымі часткамі тэрыторыі Штатаў, што «навісалі» над тэрыторыяй Мексікі.
У лістападзе 1853 г. адзін амерыканскі авантурыст па прозвішчу Ўокер з атрадам 45 такіх жа авантурыстаў зрабіў рэйд на Каліфарнійскі паўвостраў і стварыў там часовую «нарудную рэспубліку» Санора. Праз некалькі месяцаў ён мусіў збегчы ў ЗША. Але ў гэты час ад урада ЗША мексіканскаму ўраду паступіла прапанова прадаць Злучаным Штатам выступ паміж Каліфорніяй і Тэхасам. Цяжка сказаць ці быў рэйд «крутога» Ўокера ў мексіканскую Каліфорнію часткай планаў ЗША або выключна прыватнай акцыяй (бо гэта тэрыторыя была Дзікім Захадам, дзе амаль не дзейнічалі пісаныя законы і кожны мог зрабіць падобны рабаўнічы рэйд, прыкладна да 1880- гг.), але ён стаў яшчэ аднім доказам таго, што Мексіка не магла належным чынам абараняць сваю незалежнасць і меньшым ліхам было згубіць частку сваёй тэрыторыі, чым быць поўнасцю праглынутай ЗША. У выніку Мексіка аддала 120 тыс. кв. км сваёй зямлі за 10 млн долараў па дагавору 30 снежня 1853 г. У гісторыю гэта аперацыя ўвайшла як «купля Гадсэна».

Купля Аляскі 1867 г.
Ізноў ідэя купляць непатрэбныя іншым землі была ўзгадана ў 1867 г. Гэта самая вядомая для жыхароў былога СССР сдзелка па продажы зямлі Злучаным Штатам – продаж Аляскі. Цікава, што цяпер больш папулярна ідэя, што Аляску прадаваць ЗША было не трэба. Асабліва пасля таго, як там у 1890-х гг. знайшлі золата. Расійская група «Любэ» нават абвінавачвае ў продажы Аляскі імператрыцу Кацярыну ІІ, якая ў 1867 г. мела жалезнае алібі: ўжо дзясяткі год як знаходзілася ў магіле. Пра выкуп Аляскі ў ЗША для заснавання там свабоднай ад бальшавікоў Расіі быў зняты авантурны фільм «Аляску, сэр!».
Але ў час продажу і многія дзясяцігоддзі пасля яго панавала ідэя, што гэта Расія «наварылася» за кошт ЗША. Вось як аб гэтым піша гісторык-правацэнтрыст С.Г. Пушкароў: «... пустынная паўночна-заходняя частка Амерыканскага матэрыка, паўвостаў Аляска, была продана ў 1867 г. Паўночна-Амерыканскім Злучаным Штатам (за 7 мільёнаў долараў, прычым многія амерыканцы лічылі, што яна таго не варта)»(3). Далей Пушкароў піша пра поспехі расійскай каланізацыі Сярэдняй Азіі і Далёкага Ўсходу.
І сапраўды трымаць Рускую Амерыку для Расійскай Імперыі стала накладна. Продаж гэтага кавалка зямлі развязаў Расіі рукі для экспансіі ў Кітай і Сярэднюю Азію.
У ЗША сапраўды многія лічылі куплю Аляскі марнаваннем 7,2 млн долараў золатам. Клімат непрывабны. Тэрыторыя аддзелена Канадай ад асноўнай часткі Злучаных Штатаў. Амаль ніякай сувязі з важнымі гандлёвымі шляхамі зносін. Нават пасля залатой ліхаманкі 1890-х гг. Аляска засталася малазаселеным і слабаразвітым рэгіёнам ЗША.
Цікавы некаторыя факты, звязаныя з дагаворам па продажу Аляскі (3). У тэксце дакумента, які дарэчы быў складзены на англійскай і французскай мовах – апошняя для рускіх, рускі імператар назван імператарам усіх Расій (магчыма па прычыне яго тытула цара «Вялікія, Малыя і Белыя Русі»). Таксама ніякіх варожых дзеянняў да рускіх каланістаў амерыканцы не планавалі. Дагавор гарантаваў усім цывілізаваным жыхрам Аляскі, якія вырашылі застацца, пасля адыходу рускай арміі («у зручны для яе час» (Артыкул VI)) і адміністрацыі, правы і свабоды грамадзян ЗША. На прыняцце рашэнне пакінуць Аляску ці застацца яе цывілізаваным жыхарам адводзілася 3 гады. Індзейцаў і алеутаў чакала наступнае «Нецывілізаваныя плямёны мусяць падпарадкоўвацца законам і пастановам, якія Злучаныя Штаты могуць прыймаць адносна плямёнаў абарыгенаў сваёй краіны» (Артыкул ІІІ).
Дагавор быў падпісаны 30 сакавіка 1867 г. і пэўны час перапрацоўваўся. А 18 кастрычніка таго ж года ў г. Наваархангельск, які цяпер вядомы як Сітка, прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы Аляскі і шэрагу астравоў пад юрысдыкцыю ЗША.



КанадаНаша
Гэта былі не адзіныя сітуацыі, калі да ЗША адыходзілі землі, якія краіна набывала без актыўных баявых дзеянняў. Так у 1818 г. Вялікабрытаніяі ЗША «раўнялі» канадскую граніцу З таго часу яна ад Скалістых гор да Ляснога возерах азёр ідзе роўна па 49-й паралелі. Частка зямлі перайшла да Канады, частка да ЗША. Пры гэтым тэрытарыяльны абмене ЗША аддалі меньш зямлі, чым атрымалі. Ніякіх праблем з масавым перасяленнем народаў пры гэтым у вялікую гісторыю не ўвайшло. Арэгон (ізноў гэта тэрыторыя не толькі ўласна сучаснага штата Арэгон, але і некалькіх іншых паўночна-заходніх штатаў) стаў сумесным уладаннем Вялікабрытаніі і ЗША. Некаторыя тэрытарыяльныя спрэчкі з Брытаніяй прывялі да таго, што яна саступіла Злучаным Штатам Арэгон і некаторыя іншыя землі ў два этапа: ў 1842 і 1846 гг. Пазней, у 1872 г. ЗША адсудзілі праз міжнародны арбітраж ў Вялікабрытаніі астравы Сан-Хуан. Былі яшчэ некаторыя межаванні на граніцы паміж Аляскай і Канадай, але праглынуць поўнасцю малазаселеную Канаду ЗША так ніколі і не здолелі.

***
У гэтай гісторыі мяне асабліва цікавіць пытанне гістарычнай альтэрнатывы. Што было б з ЗША, калі б яны не набылі ўсе гэтыя землі? Сумленна кажучы, ЗША маглі б абыйсціся без Фларыды і Аляскі. Таксама купля Гадсдэна не была самым прынцыповым набыткам. Але купля Луізіяны павялічыла тэрыторыю ЗША ўдвая і дала ім кантроль над важнымі воднатранспартнымі рэсурсамі. Менавіта тут пачынаецца шлях ЗША да сусветнага лідарства. Другім падобным крокам стала заваяванне мексіканскіх зямель і «ТехасНаш», з той розніцай, што ў гэтых выпадках нельга ў поўным сэнсе прымяніць прымаўку money talks («усё вырашаюць грошы») 3. Без Луізіянскай куплі і мексіканскіх зямель ЗША былі б такой жа па магутнасці дзяржавай як і яе цяперашнія суседзі.
Гэта эпоха таксама паказала, што еўрапейскія дзяржавы не ўспрымалі свае калоніі, як частку Радзімы, хоць падчас і сцвярджалі адваротнае, бо Радзіму, як вядома, не прадаюць...

Зноскі:
1 – Вось вытрымка выступлення прэзідэнта ЗША Дж. Манро, якую лічаць Дактрынай Манро:
Па прапанове ўрада Расійскай імперыі, якая была зроблена праз прадстаўніка рускага імператара ў нашай краіне, ўсе неабходныя паўнамоцтвы былі дадзены нашаму паслу ў Санкт-Пецярбургу для правядзення перамоў аб вызначэнні правоў і інтарэсаў абедзвюх дзяржаў на паўночна-заходнім узбярэжжы амерыканскага кантынента. Падобная прапанова была зроблена Яго Імператарскай Вялікасцю і ўраду Вялікабрытаніі, які прыняў яе. Кіраўніцтву Злучаных Штатаў да спадобы такая праява дружалюбнасці і ўсе, хто кіруе нашай краінай, даражаць прыязнымі адносінамі з Імператарам Расіі і гатовы рабіць усё магчымае, каб паміж урадамі Расіі і ЗША расло ўзаемаразуменне. Гэта сітуацыя спарадзіла шэраг спрэчак, і, ў той ступені, ў якой закранаюцца правы і інтарэсы ЗША, ўзнікае неабходнасць распрацаваць прынцыпы, якія недазволяць ніякія новыя спробы еўрапейскіх дзяржаў каланізаваць землі амерыканскага кантынента, якія сталі незалежнымі дзяржавамі...
На пачатку апошняга ўрадавага паседжання, былі зроблены значныя намаганні кіраўніцтва Іспаніі і Партугаліі палепшыць жыццё людзей у сваіх дзяржавах, але гэтыя намаганні рабіліся з надзвычайнай умеранасцю. Няма патребы казаць, што і вынікі такіх намаганняў былі далёка не такімі, якіх чакалі. Мы з цікаўнасцю назіралі за падзеямі ў гэтай частцы свету, з якой у нас настолькі сціслыя сувязі, ў тым ліку і паходжанне нашага народу. Грамадзяне Злучаных Штатаў усім сэрцам раздзяляюць пачуцці да ідэалаў шчасця і свабоды брацкіх народаў па той бок Атлантыкі. Што датычыцца войн, якія вядуць краіны Еўропы, мы не жадаем умяшацца ў іх, і такое ўмяшанне супярэчыла б нашым палітычным прынцыпам. Толькі калі парушаюцца нашы правы ці ёсць пагроза іх парушэння, мы вымушаны прыняць абарончыя меры. Мы маем відавочную сувязь з узнікшым ў нашым паўшар'і рухам, і кожны прагрэсіўны і непрадузяты наглядач разумее гэтую сувязь. Палітычная сістэма краін Свяшчэннага Саюза можа мець значные адрозненні ад палітычнай сістэмы дзяржаў Амерыкі. Наша сістэма дзяржкіравання адрозніваецца ад краін Саюза, і мы заплацілі за яе абарону вялікай крывёй і многімі стратамі; да таго ж найбольш адукаваныя з грамадзян дапрацавалі гэтую сістэму да стану сталасці, і мы карыстаемся з яе нябывалым раней дабрабытам; таму наша краіна не можа адмовіцца ад яе. У сувязі з гэтым мы ўдзячны дзяржавам Саюза за добрыя і шчырыя адносіны з нашай краінай, але якую-небудзь спроб гэтых дзяржаў пашырыць сферу дзеяння іх сістэмы дзяржкіравання ў гэтым паўшар'і мы будзем раглядаць як пагрозу міру і бяспеке Злучаных Штатаў. Мы не спрабуем умяшацца ў жыццё зямель, якія цяпер застаюцца калоніямі ці залежнымі тэрыторыямі краін Еўропы. Але ўрады краін, якія аб'явілі аб сваёй незалежнасці і захавалі яе, і незалежнасць якіх мы па добраму разважанню і з чыстым сумленнем прызналі, на наш погляд, не могуць быць аб'ектам якога-небудзь прыгнёту ці кантролю з боку якіх-небудзь еўрапейскіх дзяржаў за выключэннем сітуацый, калі гэтыя амерыканскія краіны праяўляюць варожасць да Злучаных Штатаў. Падчас вайны паміж гэтымі дзяржавамі і Іспаніяй мы аб'явілі нейтралітэт, калі прызналі іх незалежнасць, і мы імкнемся захаваць нейтральную пазіцыю, калі нічога не зменіцца і кампетэнтныя супрацоўнікі ўрада ЗША не вырашаць ажыццявіць змяненні неабходныя для бяспекі краіны.
Апошнія падзеі ў Іспаніі і Партугаліі служаць доказам, што ў Еўропе пакуль неспакойна. Тое, што еўрапейскія саюзныя дзяржавы знайшлі неабходным ажыццявіць узброенае ўмяшанне ва ўнутранныя справы Іспаніі, з'яўляецца доказам нестабільнасці ў рэгіёне. Але да якой ступені будзе ажыццяўляцца такое ўмяшанне - гэта пытанне турбуе кожную незалежную краіну, форма дзяржаўнасці якой адрозніваецца ад формы дзяржаўнага ладу краін Саюза, нават калі такая краіна знаходзіцца далёка і, безумоўна, сярод такіх краін не ў апошнюю чаргу трэба назваць Злучаныя Штаты. Наша палітыка ў дачыненні да Еўропы, якой мы трымаемся з таго часу як у ёй пачаліся войны, што доўгі час траслі і турбавалі рэгіён, застаецца, тым не меньш, нязменнай: устрымлівацца ад умяшання ва ўнутранныя справы еўрапейскіх дзяржаў, прызнаваць легітымнасць кожнага еўрапейскага ўрада, які дзейнічае дэ-факта, развіваць прыязныя адносіны з гэтым урадам і захоўваць гэтыя адносіны праз чэсны і нязменны палітычны курс, задавальняючы справядлівыя просьбы кожнай такой дзяржавы ва ўсіх магчымых выпадках і не дазваляючы ніякай шкоды анікому. Але відавочна, што становішча ў абедзвюх Амерыках адрозніваецца ў значнай ступені ад еўрапейскага. Немагчыма, каб краіны-члены Свяшчэннага Саюза распаўсюджвалі сваю палітычную сістэму ў Паўночнай ці Паўднёвай Амерыкі і пры гэтым не неслі пагрозу міру і шчасцю нашай краіны; неверагодна і што нашы паўднёвыя браты, пакінутыя без знешняй падтрымкі, згадзяцца на такія перамены дабраахвотна. Таксама немагчыма каб мы абыякава ўспрынялі такую інтэрвенцыю ў якой-небудзь праяве. Калі параўнаць сілы і рэсурсы Іспаніі і гэтых новых незалежных дзяржаў, а таксама калі прыняць да ўвагі вялікую адлегласць паміж імі, зразумела, што Іспанія аніколі не здолее пакарыць іх. Пры гэтым Злучаныя Штаты застаюцца вернымі свайму палітычнаму курсу: даць магчымаць абодвум бакам самастойна вырашаць іх праблемы і спадзявацца, што іншыя дзяржавы будуць праводзіць такую ж палітыку..."
2 – Звычайна прынята гаворыць пра 13 першых штатаў ЗША, але іх было ўжо 14 з 4 сакавіка 1791 г. калі Рэспубліка Вермонт стала штатам ЗША.
3 – Мексіка атрымала ад ЗША кампенсацыю за землі Тэхаса, Каліфорніі і Нью-Мексіка, якія адыйшлі да ЗША ў 1845-48 гг., у памеры 15 млн долараў з скасаванем некаторых іншых фінансавых прэтэнзій паўночнай суседкі.

Крыніцы і літаратура:
(1) Louisiana Purchase Treaty Between the United States of America and the French Republic // Сайт Avalon Project. Доступ: http://avalon.law.yale.edu/19th_century/louis1.asp
(2) Treaty concerning the Cession of the Russian Possessions in North America by his Majesty the Emperor of all the Russias to the United States of America // Сайт Avalon Project. Доступ: http://avalon.law.yale.edu/19th_century/treatywi.asp
(3) С.Г. Пушкарев. Обзор русской истории. Самара, 1993, с 344


20.03.2015

Сонечнае зацьменне

Першае ў сваім жыцці сонечнае зацьменне я назіраў летам 1999 г. Памятаю, як мы з братам у Пячах выйшлі з дому, каб убачыць гэтую з'яву. Сонечныя акуляры не дапамагалі, і мы паклалі паверх іх тонкую фальгу. Тады атрымалася ўбачыць, як невялічкі кавалак Сонца пачарнеў. Але мы чакалі большага: знікнення святла і пахаладання -- і не дачакаліся.

Сёння я падрыхтаваўся інакш: Спусціўся ў падвал, дастаў невялікі кавалак аконнага шкла, закурыў яго запаленай старой асадкай і абматаў бакі малярнай лентай. На вуліцы ў спалучэнні з сонечнымі акулярамі бачна было добра. Дома -- толькі ў адкрытае акно. Ізноў няпоўнае зацямненне азначала яго звонкавую нябачнасць.

 Сонца на фота падчас зацьмення.
Мой "інструмент"

Мая суседка па пляцоўцы казала мне, што бачыла поўнае зацьменне ў Слуцку прыкладна 50 год таму. Тады яна знаходзлася на адкрытай прасторы. Цемра наступіла раптоўна, але не была поўнай. Таксама раптоўна стала вельмі холадна, нават пачаў дзьмуць вецер. Суседка казала і пра тое, што ў гады яе дзяцінства акрамя закурвання шкла, карысталіся бітымі каляровымі бутэлькамі, але чорных акуляраў не было.

Мае студэнты сёння глядзелі на зацьменне і праз дыскеты, і праз акуляры, і праз шкляныя прадметы. У адным з мінскіх паркаў стаяў моцны тэлескоп, з якім працаваў мой сябар -- аматар астраноміі.

Цікава і што раней людзі баяліся зацьмення па прычыне забабонаў, а цяпер па прычыне небяспекі  сонечных праменняў. Але сонечнае зацьменне -- гэта не толькі астранамічная падзея, але і частка гісторыі.

***
Маленькая папраўка ад майго сябра-астранома: у самы пік зацямнення, прыкладна з 13:06 па 13:09, сонечнага святла стала відавочна менш, як быццам звечарэла. Я гэты момант "правароніў".

13.03.2015

Яшчэ чытанкі для дзетак

Я ўжо даўно вырашыў закрыць тэму "Бяры кніжку ў рукі", бо апублікаваў досыць доказаў наяўнасці і даступнасці сучаснай беларускай літаратуры для дзяцей (Ды й без мяне такіх доказаў хапае). Але не здолеў абмінуць увагай некалькі "звярыных" кніжак, што браў на старэйшага сына ў дзіцячай бібліятэцы №10 г. Мінска. Выданы паміж 2004-14 гг. Добры змест, выдатная папера і цудоўныя фотаграфіі. А вось мае здымкі вокладак.





Гл. таксама: Сучасныя беларускія казкі і вершы на аўдыя

07.03.2015

Беларусь у палоне хай-тэка

Я не магу даць адказ наколькі лепш стала жыццё ў Беларусі, пачынаючы з 90-х да сённяшняга часу дзякуючы высокім тэхналогіям. У кожнай справы ёсць адмоўныя і станоўчыя бакі, і цяжка вызначыць які фактар -- станоўчы ці адмоўны стане галоўным праз некаторы час. Але мае сэнс зрабіць некаторыя нататкі па некалькім момантам развіцця тэхналогій, якія ўжо робяцца часткай найноўшай гісторыі Беларусі.

Плаці карткай.
Сваю першую картку я атрымаў, калі вучыўся ва ўніверсітэце. Не памятаю ці быў гэта 2000 ці 2001 г. Памятаю, што за карткай, якую цэнтралізавана выдавалі студэнтам стэпендыянтам, стаяў доўгую чаргу, прыкладна дзве гадзіны. Гэта была картка Беларусбанка.
Тады узровень інфляцыі дазваляў здымаць у банкамаце меньш за 5000 руб. Цяпер ніжні ліміт -- 50 тыс. руб. Інфакіёскаў яшчэ доўга не было і банкаматы былі толькі ля банкаўскіх аддзяленняў. Але ўжо з анцівандальнымі экранамі.
Калі я пачаў працаваць у 2002 г., афармленне карткі было справай на аматара, які не жадаў стаяць у чарзе за зарплатай. Так было і ў 2004 г., калі я пачаў працаваць у БДУ. Але ў 2008 г., калі я прыйшоў працаваць у мінскую гімназію №25, гэта было ўжо абавязкова. Можа не столькі абавязкова, але ўсе пытанні з настаўнікамі вырашаліся ў форме загадаў. Праўда я не бачыў у гэтым праблемы. Памятаю некалькі выпадкаў сутыкнення з асобамі, якія адмаўляліся ад плацёжных картак, таму што лічылі іх сродкам кантролю над імі з боку Д'ябла. Я так не лічу, але наяўнасць такой думкі дае магчымасць беларусам сапраўды навучыцца быць талерантнымі.
Зараз у мяне 5 рабочых картак з 4 розных банкаў. Не, я не міліянер (у Беларусі ўсе міліянеры, бо мінімальная зарплата больш за 1 млн руб), проста па ходу сваёй дзейнасці па навучанню англійскай мове я супрацоўнічаў з рознымі арганізацыямі і сабраў калекцыю плацёжных картак.
Акрамя мабільнага і інтэрнет банкінга беларусы выкарыстоўваюць карткі розным чынам. Самае простае выкарыстанне ў тэхнфобаў: зняць усе наяўныя грошы, атрыманныя як зарплата, пенсія ці ганарар. Самае незвычайнае ўжыванне карткі пра якое я чуў, калі адзін мужчына друкаваў чэк за чэкам у інфакіёску, каб выкарыстаць іх замест туалетнай паперы.

Мабільнікі
Першыя мабільнікі ад аперата Вэлком з'явіліся у 2-х маіх аднагрупнікаў у 2000 г. Да гэтага мабільнікамі карысталіся пераважна чыноўнікі і багацеі. Памятаю, як яны весела званілі на парах і хлопцы з важным відам выходзілі з аўдыторыі і імкнуліся казаць "Алё" яшчэ перад тым як яе пакінуць. Памятаю, як падчас лекцыі пра тэму кахання на занятку па англійскай літаратуры ў аднаго з іх зайграла монафанічная мелодыя з песні Лаліты і Сашы "Ты отказала мне два раза" і ўся наша група палягла з рогату. Але гэта быў яшчэ час сканвордаў і плэераў і мабільнікі і пейджэры насілі больш для форсу, чым для ўжывання.
Калі я купіў свой першы тэлэфон у лістападзе 2004 г. аператар МТС патрабаваў абавязковы дэпазіт ў памеры 70000 руб на абаненцкі рахунак. Праз пару год я купіў сім-карту Вэлком у дадатак і дэпазіт быў ўжо 3000 руб. А яшчэ праз некалькі год мне далі дзве "сімкі" аператара "Лайф" за дзякуй падчас акцыі ў супермаркеце.
Мае тэлефоны пераважна простыя і функцыянальныя. Толькі жонка мае смартфон. Але бачу як нават людзі ва ўзросце, з прызнакамі тэхнафобіі набываюць "крутыя" тэлефоны і смартфоны (звычайна з дапамогай дарослых дзяцей) і ў некаторых выпадках паступова мяняюць сваё стаўленне да высокіх тэхналогій.
Цікава і што дзеці цяпер пачынаюць знаеміцца з высокімі тэхналогіямі з пялюшак. Мой малодшы сын, якому было крыху больш за 1 год пасля знаёмства з сэнсарным экранам тэлефона жонкі доўга торкаў палец у экран майго простага тэлефона пакуль не зразумеў ролю кнопак.

Інтэрнет кожнаму.
Прыкладна ў пачатку 2000-х гг. мае аднакурснікі пачалі паступова карыстацца Інтэрнетам. Часта для гэтага трэба было ісці ў камп'ютарны клуб ці кібер-кафэ. У сярэдзіне 2000-х гг. у мяне жыў мой малодшы брат і я карыстаўся яго камп'ютарам з інтэрнетам, які працаваў праз тэлефонны кабель. І аднойчы я забыў выключыць інтэрнет, абрубіў у кватэры тэлэфонную сувязь і накруціў 10000 руб доўга брату. Ніхто не мог нічога зрабіць, бо мы з братам былі на рабоце і акрамя нас ніхто не мог яго адключыць.
 Доўгі час я жыў катэгорыяй, што інтэрнет павінен быць абмежаваны і трафік трэба эканоміць як ваду ці святло. Аднойчы, ў 2008 г., я нават так адключыў злучэнне ў адным кінутым без увагі камп'ютары, які атрымоўваў трафік праз арганізацыю. Праўда абыйшлося без наступстваў. Сітуацыя для мяне змянілася ў 2010 ці 2011 г. калі мы падключылі анлім. Цяпер у мяне ёсць 3G-мадэм, ёсць трафік у тэлефоне, ёсць Wi-Fi, і я бачу насколькі сярэднястатыстычны беларус стаў звязаны з Сецівам. Мы карыстаемся Інтэрнэтам, каб працаваць, знаходзіць даведачную інформацыю, гладзець тэлевізар, чытаць газеты, часопісы і кнігі, размаўляць па Скайпу, слухаць музыку і радыё, пісаць лісты па электроннай пошце і праз сацыяльныя сеткі. Мы адыходзім ад камп'ютара, каб узяць у рукі планшэт ці тэлефон. Памятаю, як чуў такую параду: камп'ютарам трэба карыстацца як пральнай машынай. Але гэта немагчыма. Пральная машына не будзе варыць табе каву, з дапамогай пральнай машыны ты не закажаш прадукты і не патэлефануеш сябру, жонцы, кліенту ці начальству. Таму безлімітны Інтэрнет шмат зрабіў, каб многія беларусы сталі ад яго залежнымі, як эканамічна, так і псіхалагічна.
Але няма гора без дабра: Беларусь стала адной з краін, якая выпускае праграмістаў. Беларускія праграмісты сёння канкурыруюць з індыйскімі, але з апошніх лягчэй стварыць новую каманду, наколькі я ведаю ад спецыялістаў у гэтай галіне.

Віртуальныя казкі
Расце ўжо другое пакаленне залежных ад камп'ютарных гульняў беларусаў. Мае студэнты на занятках (дарослыя дзядзькі) абмярковаюць як парваць з залежнасцю ад "танкаў" (дарэчы, "Свет танкаў" -- гэта беларускі брэнд) ці "кантры". Большая частка гульняў ідзе ан-лайн. Стары савецкі тэтрыс "Воўк з яйкамі" адыйшоў у гісторыю разам з іншымі тэтрысамі, пейджэрамі і відэамагнітафонамі.
Мае дзеці 2 і 5 год яшчэ не знаёмы з камп'ютарнымі гульнямі. Мы з жонкай рэдка гуляем самі. Старэйшы сын атрымаў планшэт пасля таго як навучыўся чытаць. Гэта была прынцыповая ўмова. І цяпер ён чытае з планшэта. Але я абяцаў спампаваць яму якую-небудзь гульню, пры ўмове карыстання ёй толькі ў рамках абмежаванага часу.
Ведаю выпадак, калі трохгадовае дзіця глядзела парнаграфічны ролік у тэлефоне свайго бацькі. Мы ужо усталявалі бацькоўскую блакіроўку непрыстойных сайтаў на галоўны камп'ютар, але да астатніх дэвайсаў яшчэ не дайшлі.
Яшчэ хачу зазначыць, што камп'ютар і Інтэрнет дапамаглі вырашыць праблему беднай матэрыяльнай базы ў сістэме адукацыі. Раней была праблема дастаць касетны магнітафон ці "відак" на занятак і недахоп падручнікаў у вну. Цяпер, многае рашае ноўтбук ці планшэт настаўніка, тэлефоны навучэнцаў і віртуальныя дыскі.

Вялікі брат назірае за табой
У многіх службах ёсць абавязковы аўдыязапіс размовы з кліентам і відэакамеры па перыметру памяшкання. Час ад часу гэта дапамагае затрымаць злачынчаў і хуліганаў. Але не трэба думаць што такім чынам магчыма рэалізаваць оруэлаўскі фантастычны таталітарны рэжым з поўным кантролем над жыццём асобы. Асноўная праблема ў тым, што тады трэба да кожнага грамадзяніна прыставіць 10 наглядачоў ды на кожнага наглядача паставіць яшчэ па аднаму. А пакуль 1-2 наглядача некалькі гадзін назіраюць за масай розных грамадзян, яны практычна няздольны кантраляваць дзеянні кожнага асобнага з іх.

Избранное сообщение

10 лет писанины

Когда 16 февраля 2013 года я запостил тут одну свою научную заметку , я еще не вполне представлял как дальше буду использовать этот ресурс. ...